З легендаў i казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў i пшанiц,
З сузор'яў i сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлiвых крынiц.
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
I з гора, i з радасцi, i з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святынi народа, бяссмерця яго, –
Ты выткана, дзiўная родная мова.
Максім Танк
21 лютага ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. Гэта дата была ўстаноўлена ЮНЕСКА ў 1999 годзе з мэтай захавання і развіцця моўнай разнастайнасці і шматмоўя. Родная мова – гэта частка нашага культурнага і духоўнага багацця, яна фарміруе нашу самасвядомасць і адрознівае нас ад іншых народаў.
Беларуская мова мае багатыя гістарычныя карані і ўзбагачаецца новымі словамі і выразамі. Наша мова служыць крыніцай нацыянальнай ідэнтычнасці і культурных традыцый. Аднак нельга забываць, што захаванне роднай мовы патрабуе пастаянных намаганняў і ўвагі. Усе мы павінны прыкладаць высілкі да таго, каб беларуская мова заставалася жывой і развівалася.
У гэты дзень ды і ў іншыя дні заклікаем усіх ахвотна выкарыстоўваць родную мову, чытаць літаратуру на беларускай мове, удзельнічаць у мерапрыемствах, прысвечаных роднай мове. Толькі сумеснымі намаганнямі мы можам захаваць і перадаць наступным пакаленням багатую спадчыну сваёй роднай мовы.
Добра, калі чалавек ведае некалькі моў, але найперш трэба ведаць мову таго народа, на зямлі якога мы жывём. Гэта дапаможа далучыцца да багатага жыццёвага вопыту беларусаў, да шматграннай духоўнай і матэрыяльнай культуры працавітага і мудрага народа.



0 comments:
Отправить комментарий